“Алесь
Пушкін і яго Беларусь” у Воршы
Браніслава Станкевіч, Ворша


Адкрыцьцё мастацкае выставы “Алесь
Пушкін і яго Беларусь” сёньня стала адной з частак вялікай мастацкай
імпрэзы ў аршанскім музэі Ўладзімера Караткевіча. Разам зь вядомым
мастаком у Воршу прыехалі супрацоўнікі рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў”на
чале з рэдактарам Барысам Пятровічам, адказны сакратар саюзу пісьменьнікаў
Беларусі Анатоль Івашчанка, паэт Андрэй Хадановіч.




Зьбіраўся на сёньняшнюю сустрэчу
і вядомы фундатар беларускіх мастацкіх праектаў Алесь Суша. Прыехаць
ён ня змог, але дзякуючы яму ўпершыню менавіта ў Воршы адбылося
першае грамадзкае праслухоўваньне новага музычнага дыску “Павей,
вецер…” Гэта дыск дыск зь песьнямі вядомых беларускіх рок-выканаўцаў,
напісанымі на словы Ўладзімера Караткевіча. У гэтым сэнсе аршанцам
пашанцавала: прэзэнтацыя дыску ў Менску адбудзецца хіба перад
Калядамі, а набыць яго можна будзе толькі ўвесну.
Самае непасрэднае дачыненьне да гэтага музычнага праекту мае і
мастак Алесь Пушкін. Ён аўтар вокладкі да дыску, а таксама аўтар
адмысловага дадатку з 17 малюнкаў- татуіровак, створаных паводле
сюжэтаў Уладзімера Караткевіча.




(Пушкін:) “На стварэньне малюнкаў-“тату”
мяне натхнілі такія творы Ўладзімера Караткевіча як “Ладзьдзя
роспачы”, “Чорны замак Альшанскі”, Чазенія”, “Дзікае паляваньне
караля Стаха”, лірыка славутага пісьменьніка. Я хачу, каб мастацтва
“тату”, якое цяпер вельмі моднае спаміж моладзі, несла ў моладзевы
асяродак нашую беларускую культуру, беларускую клясыку. Вельмі
хочацца, каб малады беларус, зрабіўшы татуіроўку, абавязкова пачытаў
Караткевіча! Перад прэзэнтацыяй нашага дыску мы самі з Алесем
Сушам вырашылі зрабіць сабе татуіроўкі на памяць.




Думаю, да нас далучацца й нашыя
аднадумцы. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, да прыкладу, зацікавіўся
малюнкам паводле апавяданьня “Краіна Цыганія”; аршанец Генадзь
Шэпелеў, як ён сам кажа, хацеў бы мець “каля сэрца” выяву Пагоні.
Такім чынам мы, я спадзяюся, запачаткуем у Беларусі новую моду…”




Сваю выставу Алесь Пушкін прысьвяціў
былой дырэктарцы музэю Іне Байковай — арганізатарцы ўсіх мастацкіх
ды літаратурных сустрэчаў у музэі Ўладзімера Караткевіча, якія
адбыліся сёлета. Выстава будзе экспанавацца тут да 28 сьнежня.
Радыё
Свабода