|
Алесь
Пушкін: “У свабоднага мастака праблемы з уладай будуць заўсёды”
(Размова
Міхася Скоблы з Алесем Пушкіным на Радыё Свабода)
Ледзь ня кожны выступ для Алеся
Пушкіна заканчваецца пастарункам. Вось і 3 ліпеня, калі сталіца
адзначала адразу некалькі дзяржаўных сьвятаў і на вуліцах віравалі
шчасьлівыя людзкія натоўпы, мастака ізноў затрымалі і ў кайданках
адвезьлі ў КПЗ. Што праўда, суд, які адбыўся назаўтра, цалкам апраўдаў
і вызваліў арыштанта. Сёньня Алесь Пушкін — госьць “Вольнай студыі”.
На пачатку нашае гутаркі я прапаную вярнуцца ў тыя ліпеньскія дні:
(Міхась Скобла: ) “Алесь, чаму
ахоўнікам правапарадку не спадабаўся твой чарговы пэрформанс?”
(Алесь Пушкін: ) “1 ліпеня да мяне
зьвярнуліся дзьве сяброўкі Беларускага задзіночаньня студэнтаў з
просьбай, каб я заапекаваўся іх выставай “Голая студэнцкая праўда”.
Я дапамог ім наладзіць экспазыцыю, быў у складзе журы.
А калі мне было прапанавана паказаць
свой пэрформанс, я сказаў, што пакажу, але асобна ад студэнцкай
імпрэзы, бо мая акцыя можа мець сур’ёзныя наступствы. Пэрформанс
будзе прысьвечаны тэме калябарацыянізму ў гады другой сусьветнай
вайны. І тут я ўбачыў, што студэнты забаяліся.
Я
зладзіў сваю акцыю пад назвай “Жаўнер удачы” надвячоркам 3 ліпеня
паміж рэстарацыяй “Папараць-кветка” і Чырвоным касьцёлам. Я ўзяў
нямецкую аўчарку па мянушцы Ганс, апрануўся ў форму, якую насілі
жаўнеры беларускіх нацыянальных фармаваньняў у гады вайны, узяў
лялькі дзіцячыя, узяў 3 мэтры 70 сантымэтраў белай тканіны, а таксма
белую й чорную фарбы.
Дзея пачалася пад музыку з альбому
“Mutter” нямецкага гурту “Rammstein”. Я намаляваў беларускую васьміканцовую
зорку, потым зьявілася аўчарка і пачала нешта вынюхваць. Нарэшце
яна знайшла партрэты беларускіх генэралаў Усевалада Родзькі й Міхася
Вітушкі. Іх лёсы надзвычай складаныя. Гэта тыя людзі, якімі мы павінныя
ганарыцца, але дзякуючы каляніяльнай палітыцы беларускіх уладаў,
іх дзейнасьць ужо 57 гадоў замоўчваецца, хоць у спэцсховах КГБ да
гэтай пары захоўваюцца іх асабістыя справы. Родзька й Вітушка стваралі
Беларускую незалежніцкую партыю.
І вось Ганс знайшоў іхныя партрэты…”
(Скобла: ) “А аўчарка Ганс тут
выконвае ролю фашыста?”
(Пушкін: ) “Ня будзем тлумачыць,
тут кожны павінен сам разьбірацца. Узяўшы лялькі, я разам з аўчаркай
пайшоў купаць іх у басэйне, а пакупаўшы, роўненька расклаў іх перад
партрэтамі. На прасьцірадле зьбіраўся напісаць лёзунг “Слава героям!”,
які дзьве дзяўчыны з Коханава, Воля і Галя, павінны былі падняць
над галовамі. Яшчэ дзьве дзяўчыны несьлі б партрэты Родзькі й Вітушкі,
і мы б па праспэкце Скарыны, які на тую пару стаў пешаходнай зонай,
прайшлі б да плошчы Перамогі. Бо, на маё перакананьне, лёсы Родзькі
й Вітушкі наўпрост зьвязаныя з вызваленьнем Беларусі ад немцаў.
Але ўжо праз 10 хвілінаў да мяне
падышоў ахоўнік правапарадку, лейтэнант, і папярэдзіў, што выклікае
нарад міліцыі, паколькі мае дзеяньні ніяк не зьвязаныя са сьвяточным
плянам мерапрыемстваў у горадзе. Неўзабаве зьявіўся і нарад, які
мне загадаў тут жа сабраць усе свае рэчы. Я адмовіўся падпарадкоўвацца
і пачаў нацкоўваць Ганса на міліцыянтаў…”
(Скобла: ) “Гэта сур’ёзна. Як
рэагавалі міліцыянты?”
(Пушкін:
) “Я ледзь пасьпеў падняць угару партрэты генэралаў і крыкнуць:
“Людзі! Памятайце аб подзьвігу Ўсевалада Родзькі й Міхася Вітушкі!
Слава героям!” У мяне з рух выбілі партрэты, перакулілі фарбу, якая
расьцяклася па ходніку і па чаравіках міліцыянтаў. Я супраціўляўся
як мог, пакуль мяне не запіхалі ў варанок. Такім чынам, пэрформанс
не ўдалося завершыць”.
(Скобла: ) “Як ты лічыш, чаму
суд апраўдаў цябе? Твае дзеяньні можна было пры жаданьні кваліфікаваць
як “злоснае хуліганства”.
(Пушкін: ) “У мяне такое ўражаньне,
што яны ўсе былі разгубленыя. Бо ў той жа вечар быў зварот грамадзкасьці
да Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, яна зьвярнулася ў АБСЭ, а
адтуль паступіў адпаведны ліст у беларускае МЗС.
Апрача гэтага, каля МЗС стаяў пікет
з патрабаваньнем: “Свабоду Пушкіну!” Так што й на гэты раз мяне
выратавалі журналісты (усьміхаецца). Чацьвертая ўлада…”
(Скобла: ) “Я ведаю пра твой
намер стварыць перасоўную выставу забароненых у Беларусі твораў
і паказаць іх у Эўропе. Ці шмат такога мастацтва табе ўдалося сабраць?”
(Пушкін: ) “На працягу апошніх шасьці
гадоў назапасілася дастаткова фактаў умяшаньня цэнзуры ў мастацкае
жыцьцё — у жывапісе, у тэатры, у музыцы, у кінэматографе. Прыкладам,
з выставаў суполкі “Пагоня” шторазу зьнімалася шмат твораў, забараняліся
фільмы Хашчавацкага, выступы Касі Камоцкай і Лявона Вольскага, опэры
Солтана ў свой час тармазіліся. Многа помнікаў было не ўсталявана.
Усё гэта мной сабрана, і летась
адбылася выстава ў сталічнай галярэі “Золата”, якая мела назву “Забаронена
цэнзурай”. Мне хацелася б выдаць каталёг гэтай выставы — агулам
там сабрана два дзясяткі твораў.
Мы хочам паказаць “Забаронена цэнзурай”
у Маскве, Беластоку й Варшаве. Тут мне паабяцаў дапамогу праваабарончы
цэнтар “Вясна” і яго кіраўнік Алесь Бяляцкі. Бо ўвесь гэты праект
быў прымеркаваны да Дня правоў чалавека”.
(Скобла: ) “У адной з нашых мінулых
перадачаў мастак Тодар Копша гаварыў, што творца, адмаўляючы, робіцца
залежным ад аб’екту свайго адмаўленьня, як, дарэчы, і ўсхваляючы.
Такім чынам, атрымліваецца, што, прыкладам, “Ліст беларускага народа
вялікаму Сталіну” 1930-х гадоў і сучасная пародыя-інсталяцыя на
Лукашэнку — творы роднасныя й небясьпечныя найперш для самога аўтара.
У цябе няма такога адчуваньня?”
(Пушкін: ) “Вельмі спакусьлівая
сёньня тэматыка ўладара й мастака. Гэта відно па пэрформансах і
Маладога Фронту, і “Зубра”, і газэты “Навінкі”. І можа стацца, што
ты, падымаючы гэтую тэму, можаш стаць карлікам, а той, каго ты высьмейваеш,
будзе героем. Таму лепей за ўсё рабіць так, як рабілі мудрыя кагэбісты-бальшавікі:
не заўважаць, не пісаць, не складаць, не маляваць.
Але тэма гэтая, уладара і яго адказнасьці,
усё ж цікавіць мастакоў. У мяне два такіх творы — фрэска “Судны
дзень” у Бобраўскай царкве, дзе ў гурце грэшнікаў намаляваны чалавек,
што вельмі падобны на сёньняшняга кіраўніка дзяржавы, а таксама
пэрформанс “Вазок гною для прэзыдэнта”.
Мне
здаецца, што пасьля падзеяў 11 верасьня, пасьля палестынскай інтыфады,
людзі зусім па-іншаму глядзяць на таго мастака-камікадзэ, які замест
тачкі толу прыцягнуў да рэзыдэнцыі тачку гною. Той мой пэрформанс
выглядае ўсё больш гумарным і сьмешным: ну, прышпілілі цябе віламі
да кучкі гною — нікуды ў гісторыі ты ўжо ня дзенесься.
Сьвет не ўспрымае тэрарызм, не ўспрымае
нават геройскія ўчынкі, калі яны гвалтоўныя, хай сабе й маюць высакародныя
мэты”.
(Скобла: ) “На адным са сваіх
пэрформансаў ты косіш ружы: звычайнай касой звычайныя расквітнелыя
ружы. Дзея гэтая выглядае як забойства — жывыя ж кветкі. Прыгадваецца,
як, здаецца, Мікелянджэла нібыта закалоў на крыжы натурніка, каб
больш дакладна паказаць на палатне пакуты Хрыста. У сучасных пэрформансах
шмат гульні са сьмерцю, часта выкарыстоўваецца вобразы катафалка,
шыбеніцы, некага ў труне носяць-выносяць. Няўжо толькі падобным
мастацтвам можна крануць сёньня людзкія душы?”
(Пушкін: ) “Вельмі сур’ёзнае пытаньне.
Так, на фэстывалях пэрформансу заўважаецца цяга да сьмерці — тут
можна прыгадаць творы Зьмітра Вішнёва, Юрася Барысевіча, Лявона
Вольскага, Віктара Пятрова, Ігара Кашкурэвіча. Але трэба адыходзіць
ад гэтай тэматыкі.
Даволі
касіць касою ружы, якія прарасьлі праз чорныя сходы — гэта быў пэрформанс
“Няміга”. Жыцьцё ж квітнее навакол, сьмерць сухая, а жыцьцё буяе.
Вечная памяць цяжкому мастацтву, стагнацыі, трунам, ружам і косам!
Жыве мастацтва сонечнае, маладое, як мёд залацісты!”
(Скобла: ) “Ты ў сваіх пэрформансах
бязьлітасна эксплюатуеш сваё цела. Гэтак у творы пад назвай “Фэнікс
Беларусі” ты сам сябе падпальваеш, у пэрформансе “Язафат Кунцэвіч”
ты плывеш у чаўне па зімовай зьледзянелай Дзьвіне, а ў пэрформансе
“Зь мінуўшчыны” выліваеш на палатно 300 грамаў уласнай крыві. Уяўляю,
як скалануліся каля прыймачоў нашыя слухачы... Гэта ўжо нават не
экстрым, гэта пагроза жыцьцю. Хіба мастацкі вобраз, здабыты, створаны
з пагрозай для жыцьця, больш каштоўны?”
(Пушкін:
) “Гэта ня трэба разумець як мазахізм. Маўляў, нехта сьцябае сябе
плёткай, а вось Пушкін зь мянтамі валтузіцца, кроў сабе пускае й
ходзіць па Віцебску босым у васьміградусны мароз. Не. Я — праваслаўны
артадокс. І гэта ляжыць у аснове таго, што я не шкадую сябе. Бо
сказана ў Бібліі: “Пакутамі амыюся й пакутамі абялюся”. Мне больш
павераць, калі я буду ісьці босым па сьнезе і лягу сам, а не пакладу
манэкен, ці падсьцялю саломкі там, дзе трэба паваліцца.
Мне раілі прагматычныя людзі — навошта
табе ўласная кроў? Вазьмі купі на рынку кроў для крывяных каўбасаў
і зробіш той самы пэрформанс. Я не пагадзіўся, бо гэта быў бы падман
гледача. А гэта будзе кроў аўтара — зусім іншы канцэптуальны акцэнт
робіцца. Толькі вера і нейкая ўсходняя ўтрапёнасьць і робяць зь
мяне гэтую бяду — мастака-пэрформэра”.
(Скобла: ) “У цябе інтэнсіўнае,
насычанае жыцьцё. Што праўда, падзеі ў ім пачынаюць паўтарацца.
Стварыў — паказаў — арышт — суд. Стварыў — паказаў — арышт — трое
сутак. Рамантыка… Цябе не бянтэжыць тая акалічнасьць, што ўлада
ўвесьчасна ўмешваецца ў тваю творчасьць?”
(Пушкін: ) “Вядома, не. Я спадзяюся,
што час стагнацыі хутка скончыцца, і грамадзтва з разуменьнем будзе
ставіцца да мастакоў. Закончацца й мае дурацкія арышты, суды й суткі,
якія мне вельмі не падабаюцца, бо цягнуць за сабою абмежаваньне
свабоды.
З-за таго, што быў судзімы, я ня
змог выехаць у ЗША, дзе ў Кліўлэндзе павінен быў расьпісваць беларускую
царкву, ня быў выпушчаны ў Польшчу для ўдзелу ў выставе. Мне вельмі
хочацца выстаўляцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, у Палацы мастацтва,
каб ніякі старшыня Саюзу мастакоў не зьнімаў маіх працаў...
Але я ведаю цьвёрда: сын паліцая,
які вазіў тачку гною Лукашэнку, пры цяперашняй уладзе ня будзе прызнаны
афіцыйна. Але ў свабоднага мастака праблемы з уладай будуць заўсёды”.
Радыё
Свабода
22 Ліпеня 2002
|