|
За тры гады, што мінулі ад маёй папярэдняй
сюды вандроўкі, на ўезьдзе ў Бобр так і не зьявілася шыльды з назвай
мястэчка. Паселішча дагэтуль так і не абазначанае. У Бабры найперш
я скіроўваюся да мастака Алеся Пушкіна. Над ягонай хатай лунае бел-чырвона-белы
сьцяг, да сьцяны прыбітая шыльда “Карцінная галерэя”.
(Пушкін: ) “Для Бабра адбыліся даволі значныя зьмены:
пакладзены новы асфальт, мы бачым працоўны дрэвакамбінат, будуецца
велічэзнае СПК “Кляновічы”, куды інвэставана 18 мільярдаў беларускіх
рублёў. Гэта ўсё адбылося пасьля таго, калі народ не атрымліваў
заробку, калі народам грэбавалі... І адзін герой, Уладзімер Карпека
зрабіў надзвычай жахлівы ўчынак. На знак пратэсту, што яму не выплачваюць
заробку, ён абліў бэнзінам старшыню калгасу, падпаліў яго і пашкодзіў
самога сябе. У выніку ён прымусіў дзяржаўныя органы займацца нашай
мясцовасьцю. Я бяру грэх на душу, называючы гэта добрым учынкам,
але ў тых мовах, якія былі, гэта быў адзіна правільны выхад”.
За злоўжываньне службовым становішчам і фінансавыя
махлярствы колішняга кіраўніка калектыўнай гаспадаркі Тамаза Гаргадзэ
пакаралі дзевяцьцю гадамі папраўчай калёніі. Уладзімера Карпеку
апраўдалі, аднак за два гады ён так і ня змог знайсьці працы ў Крупскім
раёне Меншчыны. І толькі пару месяцаў таму ўладкаваўся ў сталіцы.
Цяпер на малой радзіме Карпека рэдкі госьць — прыяжджае выключна
на выходныя.
Па Бабры ходзяць пагалоскі, што сьледчыя, якія вялі
разьбіральніцтва, настойвалі на арышце кіраўніка Крупскага райвыканкаму
і ягоных намесьнікаў. Як вынік, справу замялі — і за краты патрапіў
толькі адзін Гаргадзэ. Я сустрэўся з колішнім апэратыўным супрацоўнікам
крымінальнага вышуку Аляксеям Сімановічам.
(Карэспандэнт: ) “Як людзі ўспрынялі сытуацыю з
Карпекам?”
(Сімановіч: ) “Яны ўспрынялі гэта як подзьвіг. Я
нават сам ганарыўся за гэтага чалавека. Пра яго казалі як пра нацыянальнага
героя. Я неаднаразова ставіў сябе на ягонае месца. Каб я атрымліваў
заробак 31 сьнежня ў той час, калі ўжо ўсе крамы зачыненыя і я нават
не магу набыць дзіцяці цукерак, магчыма, я пайшоў бы на больш крайнія
меры”.
(Карэспандэнт: ) “Жыхары Бабра гавораць, што тыя
людзі, які расьсьледавалі гэтую справу, таксама пацярпелі”.
(Сімановіч: ) “Расьсьледаваньне справы адбілася
на маім лёсе. Мяне далучалі да расьсьледаваньня, бо я зьяўляўся
куратарам тэрыторыі Бабра. І я ўдзельнічаў як супрацоўнік пэўных
структураў. Як вынік, мяне звольнілі. Пацярпелі і мае таварышы,
ім наверсе сказалі: “Калі вы будзеце сунуць нос не ў свае справы
і працягнеце расьсьледаваньне, няма гарантыі, што вы самі не пацерпіце”.
Гэта значыць, што бясьпека іхным сем’ям і іхная асабістая бясьпека
не гарантуецца”.
Крымінальныя гісторыі Бабра не абмяжоўваюцца гучнай
справай “Карпека—Гаргадзэ”. У мястэчку жыве крымінальны аўтарытэт
Аляксей Арлоў. Гэты чалавек 16 год свайго жыцьця адседзеў у калёніях
на поўначы Савецкага Саюзу. А пачалося ўсё зь вечарыны ў мясцовай
школе. Хлопцы нешта не падзялілі і праўду ў спрэчцы пачалі шукаць
пры дапамозе кулакоў. Тое, што адбылося далей, цягне на сюжэт для
дэтэктыву:
(Арлоў: ) “Там Ленін стаяў. Можа, я і зачапіў Леніна
гэтага. Ленін упаў. І яны мне склалі пратакол, што я быў п’яны і
таптаў нагамі Леніна, абражаў яго. Мне далі чатыры гады ўзмоцненага
рэжыму. Мяне накіравалі па этапе на лесапавал. Станцыя Чарнакозава.
Чачэны ведаеш, якія? Рускіх ня любяць. Абражаюць: алехан, алехан
— значыць, расеец. А я кажу: “Які я вам алехан, калі я беларус?”
Калі ён падышоў, я яму адразу “пікавінай” у бок. А пасьля яшчэ раз.
Далі 12 гадоў узмоцненага рэжыму. Я ніколі ня думаў, што вызвалюся.
Я ехаў дадому ў Бобр. Бярозкі, елачкі — усё павырастала. Столькі
часу прайшло! І я ад гэтага плакаў, што гэта змарнаваны час. Можа,
я б вывучыўся і стаў якім-небудзь дырэктарам ці аграномам. А так
— супакоіўся, жыву вось пакрысе”.
Гэта быў запіс з архіву Радыё Свабода. Праз тры
гады Аляксей Арлоў ужо не беспрацоўны. Цяпер ён кіроўца на машыне
хуткай дапамогі ў амбуляторыі.
(Арлоў: ) “Справы нашы пагаршаюцца. Няма стабільнасьці.
Калі мы размаўлялі з вамі мінулы раз, была вера ў прэзыдэнта — можа,
нешта зьменіцца. Але нічога не мяняецца”.
(Карэспандэнт: ) “Вуліцы заасфальтавалі, мост рамантуюць,
пункт абмену валюты адчынілі”.
(Арлоў: ) “Гэта пункт для алігархаў! Я кіроўца першай
клясы зь вялікім стажам. Я атрымліваю 200 тысяч. Ці магу я зайсьці
ў гэты абмену пункт?”
(Карэспандэнт: ) “А як з мэдыцынай у Бабры?”
(Арлоў: ) “Тут мэдыцына вельмі слабая. Мне далі
машыну ЎАЗ-469. Галоўны лекар Сівіц забраў яе сабе, езьдзіць на
паляваньне, а мне аддаў сьпісаную “Ранту”. Ёй ужо адзінаццаць гадоў!
Куды я магу на ёй паехаць?!”
(Карэспандэнт: ) “Колькі яшчэ ваша машына прабегае?”
(Арлоў: ) “Матор можа ляснуцца і заўтра”.
(Карэспандэнт: ) “А калі яна накрыецца, на чым будзеце
езьдзіць па акрузе?”
(Арлоў: ) “Я іх некалі і на кані сваім вазіў. Яны
гавораць: “Калі хочаш працаваць, завадзі машыну ці бяры каня і едзь!”
(Карэспандэнт: ) “А людзі ў Бабры ў які бок мяняюцца?”
(Арлоў: ) “Людзі ў нешта вераць. Можа, яны вераць
у Бога, а можа, у тое, што ня выберуць гэтага прэзыдэнта. Можа,
прыйдзе які іншы чалавек, распачне новы курс. А то мы тупаем на
месцы. Нам патрэбная гэтая бібліятэка? Ці даеду я туды? Ці мае дзеці
туды даедуць? Нам патрэбны побыт, праца і ўладкаванае жыцьцё”.
Тутэйшы калгас скасавалі і далучылі да суседняй
гаспадаркі “Кляновічы”. Там ствараюць узорна-паказальную гаспадарку.
Пасьля таго, як у Бабры скасавалі калектыўную гаспадарку, апусьцела
і калгасная кантора. Падлога ва ўсіх пакоях усыпаная дакумэнтамі.
У горах гэтых папераў утрымліваецца процьма дакумэнтаў, якія сьведчаць
пра працоўны стаж жыхароў мястэчка Бобр. Людзі кажуць, што ўжо былі
выпадкі, калі навасьпечаныя пэнсіянэры прыходзілі сюды і корпаліся
ў горах папераў, шукаючы свае пэрсанальныя справы. У гэтых пакоях
можа адшукаць вельмі цікавыя дакумэнты. Прыкладам, на мае вочы трапіла
тэчка “Плян працы”. У ёй падшытыя пратаколы паседжаньня камсамольскай
арганізацыі. Тут можна сустрэць такія тэмы: падрыхтоўка да 115-й
гадавіны ад дня нараджэньня Ўладзімера Леніна, а 15 сакавіка 1985
году супрацоўнікі абмяркоўвалі артыкул “Адказы таварыша Чарненкі
на пытаньні тэлекампаніі CNN”. Адметная дэталь: апроч паперы, тут
можна пабачыць вельмі шмат бутэлек ад сьпіртовых напояў. У самым
цэнтры на падлозе ляжыць вялікая тэчка “Дзяржаўны акт на вечнае
карыстаньне зямлёй калгасамі”.
Вяртаемся ў мінулае. 2002 год. Жыхар Бабра Рыгор
Анупрыенка выводзіць новыя гатункі бульбы. Ураджайнасьць на ягоных
палетках большая за калгасныя паказьнікі ў некалькі разоў. Плады
сваёй дзейнасьці ён прадае месьцічам. Тыя, хто не жадае плаціць,
начамі робяць налёты на ягоны агарод.
(Анупрыенка: ) “Я спрабую на гэтай зямлі вырасьціць
ураджай бульбы, якім бы я ганарыўся, вывесьці такія гатункі і прадаць
потым людзям, якія б палегчылі іхную працу на гэтай зямлі”.
2005 год. Спадар Анупрыенка працуе інжынэрам на
адным з прамысловых прадпрыемстваў у Крупках.
(Анупрыенка: ) “Вымушаны быў пакінуць гэты занятак,
бо ён не прыносіў мне ня тое што прыбытку, а нават не забясьпечваў
самым неабходным. Задаволены, што за гэтыя гады людзям у навакольлі
Бабра я перадаў новыя гатункі”.
(Карэспандэнт: ) “Як памяняліся людзі? Як памянялася
само мястэчка?”
(Анупрыенка: ) “У горшы бок. Тыя, каго я паважаў,
павыміралі. Алькагалізацыя працягваецца. Яны жывуць яшчэ ў большым
страху. Яны абазьляюцца адзін на аднаго. Станоўчы момант — ня ўсё
людзі сьпіліся і спаганіліся. Ёсьць надзея, што жыцьцё будзе працягвацца
і ў Беларусі, і ў Бабры”.
500-гадовая гісторыя Бабра адметная тым, што тут
некалі спыняўся Напалеон. У старой стайні імпэратар спаліў сьцягі
сваёй гвардыі, а на наступны дзень францускае войска перапраўлялася
церазь Бярэзіну. Быў тут некалі касьцёл, але яго разбурылі. Прыбіральні
сельскага савету і сёньня месьцяцца на магілах ксяндзоў.
Некалі гадоў таму ў мястэчку адбудавалі праваслаўную
царкву. Вернікі зьвярнуліся да Алеся Пушкіна, каб ён расьпісаў яе.
Алесь адмовіўся ад ганарару, а замест папрасіў дазволу намаляваць
сцэну Страшнага суду. У біблійных пэрсанажах наведнікі царквы пазнавалі
Аляксандра Лукашэнку і патрыяршага экзарха Беларусі мітрапаліта
Філарэта. Я вяртаюся да размовы з мастаком Алесем Пушкіным.
(Карэспандэнт: ) “Пэрсанальныя вынікі за тры гады
— чым можаш пахваліцца?”
(Пушкін: ) “У мяне нарадзіўся сын Міколка. Другая
падзея — гэта зафарбоўка фрэскі, якую я намаляваў у роднай царкве”.
(Карэспандэнт: ) “Але я паглядзеў, што не да канца
замалявалі фрэску. Сцэна Страшнага суду, дзе Лукашэнка побач зь
Філарэтам, замаляваная, аднак крыху ніжэй можна пабачыць працяг
— гэта крамлёўскія вежы з зоркамі і баран, на якім карона, ён сядзіць
у крэсьле, якое нагадвае манархічны трон. Атрымліваецца, што не
да канца замалявалі?”
(Пушкін: ) “Так, не да канца. І яшчэ здарыцца цуд”.
(Карэспандэнт: ) “А праўда ці не, што часам Лукашэнка
праступае скрозь белыя плямы?”
(Пушкін: ) “Так. Цуды пачынаюць тварыцца ў той час,
калі ў Беларусі адбываюцца лёсавызначальныя падзеі”.
На адным зь першых набажэнстваў у яшчэ неасьвечанай
царкве перакананая камуністка баба Юля падняла вочы на столь, убачыла
выяву цяперашняга кіраўніка Беларусі і страціла прытомнасьць. У
часе нашай першай сустрэчы Юлія Рупец катэгарычна ўсё адмаўляла:
(Рупец: ) “Я там нікога ня бачыла. Шчыра кажу! Крыж
на пуза, што шчыра! Чэснае партыйнае: я ня бачыла! Толькі сьвятыя
намаляваныя, дык я і не заўважыла, дзе там Лукашэнка. Хто яго ведае?”
Праз тры гады з спадарыняй Рупец мы сустракаемся
не ля царквы, а ў ейнай хаце. Слабая старая сядзіць на ложку, побач
столік, завалены пакункамі зь пігулкамі.
(Карэспандэнт: ) “Некалі размаўлялі з вамі, і вы
казалі, што падтрымліваеце Аляксандра Лукашэнку. Ці зьмянілася ваша
стаўленьне да яго?”
(Рупец: ) “Калі-нікалі мы яго ругаем. Мы ўсё жыцьцё
жылі і плацілі за зямлю, а ён цяпер зрабіў так, што зямлю трэба
выкупаць. Шмат трэба грошай на гэта. Я напісала заяву — заплаціла
30 тысяч за паслугі, абмералі — трэба заплаціць 100 тысяч за гэта.
А пасьля яшчэ трэба будзе 300 тысяч заплаціць за зямлю”.
(Карэспандэнт: ) “За гэтыя тры гады ў вас царкву
асьвяцілі, бо калі я прыяжджаў мінулы раз, яна была не асьвечаная…”
(Рупец: ) “Цяпер асьвяцілі. Алесь жа быў вінаваты,
што яе не асьвячалі. Ён там Лукашэнку зь Філарэтам намаляваў. Таму
Філарэт і не прыяжджаў яе асьвячаць”.
(Карэспандэнт: ) “А людзі як да гэтага паставіліся?”
(Рупец: ) “Лаялі Алеся за тое, што намаляваў. Нельга
было маляваць, бо ён людзей адпужваў”.
Рэакцыя бабы Юлі, а таксама выказваньні іншых суседзяў
Алеся Пушкіна падштурхнулі задаць яму наступнае пытаньне:
(Карэспандэнт: ) “Я памятаю, тры гады таму, калі
мы вандравалі па вуліцах Бабра, месьцічы досыць неадназначна ставіліся
да тваёй асобы. Адны ветліва здароўкаліся, а іншыя агрэсіўна выяўлялі
сябе. Ці зьмянілася стаўленьне людзей да тваёй асобы?”
(Пушкін: ) “Усё адно я застаюся чалавекам, якому
да канца ня вераць. Яны лічаць, што занятак мастацтвам — гэта прыкрыцьцё.
Маўляў, Пушкін піша краявідзікі, бярозкі і натурморты, а прыйдзе
час — ён будзе паказваць ліхтарыкамі НАТОўскім самалётам, куды бамбіць,
расчыніць вароты НАТОўскім танкам”.
(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць што бамбаваць у Бабры?”
(Пушкін: ) “Я мяркую, што няма”.
(Карэспандэнт: ) “І другое пытаньне: ці ёсьць у
Бабры брама, якую можа адчыніць перад НАТОўскімі танкамі?”
(Пушкін: ) “І брамы ў Бабры няма”.
За тры гады стасункі Алеся Пушкіна і ягоных суседзяў
істотна не зьмяніліся. Праўда, аднойчы супрацоўнікі Барысаўскай
управы КДБ з мастака ледзь не зрабілі тэрарыста. Дамо слова дзядзьку
Анатолю:
(Анатоль: ) “Прыехалі на 1 траўня. Узялі Валодзю
і Сяргея Акуневіча, мяне шукалі, але яны мяне не знайшлі. Іх адвезьлі
ў Барысаў. Іх там дапытвалі. Нейкі 6-ты аддзел КДБ. Яны пасьля адпусьцілі
і папярэдзілі, што Пушкін рыхтуе тэракт. Пасьля прыехалі зноў. А
я на 9 траўня каровы пасьвіў. “Прызнавайся!” Я кажу: “У чым? Я каровы
пасьвю! Якія тэракты?! Я нічога не разумею! Я жыву ў вёсцы, якія
тут могуць быць тэракты?!”
(Карэспандэнт: ) “У чым яны прасілі, каб вы прызналіся?”
(Анатоль: ) “Што я раблю нейкія бомбы, што хачу
мэтро падарваць”.
Пра дзеяньні супраць сябе Алесь Пушкін уведаў ад
тых, каго цягалі на допыты. На нейкі час і без таго няпростыя стасункі
зь месьцічамі яшчэ болей пагоршыліся.
(Пушкін: ) “Мне было гэта вельмі непрыемна. Я заходзіў
у вясковую краму, і са мной усе пераставалі размаўляць, панавала
насьцярожанае стаўленьне. Пры мне змаўкалі размовы, і людзі не глядзелі
мне ў вочы”.
(Карэспандэнт: ) “А што ты хацеў падарваць і колькі
грошай ты за гэта людзям прапаноўваў?”
(Пушкін: ) “Паводле легенды атрымлівалася, што Пушкін
арганізаваў злачынную групоўку, куды ўваходзілі мясцовыя аўганцы
і крымінальнікі. Пушкін абяцаў 5 тысяч даляраў кожнаму за тое, каб
падарваць мэтро 9 траўня 2003 году”.
Тры гады таму я запытаўся ў мастака, у чым асаблівасьць
жыцьця ў Бабры. Адказ быў такі: у нашым мястэчку, каго ні вазьмі,
той і асоба. Падзеі, якія адбыліся з часу першай вандроўкі ў Бобр,
толькі пацьвярджаюць гэтыя словы.
Ягор Маёрчык
http://www.svaboda.org
|