|
Алесь
Пушкін. Аўтабіяграфія.
У
1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму
мастацтву імя І.О.Ахрэмчыка. Вучыўся у П.П.Шарыпы да 1983года, у 1983
годзе паступіў на 1 курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага
Дзяржаўнага Тэатральна-Мастацкага інстытута. (Цяпер Беларуская Акадэмія
мастацтваў) Яшчэ быўшы ў школе, у 1982 годзе ўдзельнічаў у стыхійных выступленьнях
вучняў супраць самаўпраўства адміністрацыі (складалі петыцыі, патрабаваньні
да адміністрацыі,аб'яўлялі галадоўкі і г.д.; за межы школы гэтая інфармацыя
не выходзіла). У1984 годзе прызваны, пасьля заканчэньня 1 курса, у Савецкую
Армію, служыў у 40-й Арміі, у Аўганістане, у1986 годзе дэмабілізаваўся
і аднавіўся на 2 курс БДТМІ. У 1988 годзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху
(2 Вальны Сойм Маладзёвых Беларускіх Cуполак, Вільня; Дзяды - 88). 25
сакавіка 1989 года заарганізаваў першы пэрформанс - сьвяткаваньне 71-х
угодкаў БНР, тым самым распачаўшы сац-арт у Беларускім мастацтве. Тады
ж і напісаў маніфэст сац-арту. Першыя выставы і перформансы ў сьценах
БДТМ. Арышт на 15 сутак, узбуджэньне крымінальнай справы і сьледзтва па
сьвяткаваньню Дня Волі. 14-21 ліпеня 1989 года - Менскі гарадскі суд (судьдзя
- Чамрукоў) прыгаварыў мяне за гэты ўчынак да 2-х год умоўна зь пяцігадовым
паражэньнем у правох. Адбываў пакараньне, працягваючы навучаньне ў БДТМІ.
У 1990 годзе расьпісваў фае Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы
і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка. Гэта мая дыпломная работа. Пасьля
яе абароны выбраў накіраваньне на працу ў Віцебск. 25 сакавіка 1991г.
- першая персанальная выстава артэфактаў дэкаратыўнага мастацтва (сац-арту)
у Віцебску (выставачная зала АНМЦ Народнай творчасьці, вул. Леніна, 18).
Ей папярэднічалі пэрформансы сац-арту: "7 лістапада", "Віцебск за кратамі",
"Вясна", "Вольнасьць", "Каханьне" (спасылкі на дакуманты, якія захоўваюцца
ў "Архіве Найноўшай Гісторыі" БГФ "Наша Ніва"). Гэтая выстава была першым
новым крокам у постсавецкім мастацтве Віцебска. Упершыню сац-арт з'явіўся
ў Віцебску разам з Перабудовай, Галоснасьцю, Дэмакратыяй -- рэалямі таго
часу. Гэтая ж выстава ў поўным складзе была перавезена ў Гародню, дзякуючы
намаганьням майго першага куратара-мастацтвазнаўцы, арганізатара гэтай
выставы, спадарыні Ларысы Міхневіч, якая на той час была старшынёй Віцебскага
Фонда Культуры. Але ў Гародні дырэктар Гісторыка-археалагічнага музея
Алена Андрэеўна Салаўёва ўзяла на сябе адказнасьць за закрыцьцё выставы
і недапушчэньне паказа яе гарадзенцам, бо я не падпарадкаваўся патрабаваньням
цэнзараў з абкаму КПСС зьняць некаторыя ўжо разьвешаныя працы і інсталяцыі.
Таму, 6 чэрвеня 1991г. у Гародні выстава так і не адчынілася. Я вымушаны
быў перавезьці карціны ў Менск. Падчас путчу 1991 года (20 жніўня) я вывесіў
бел-чырвона-белы сьцяг над ратушай горада Віцебска. А пасьля прызнаньня
дзяржаўнай сімволікі "Пагоня" і Абвяшчэньня Дзяржаўнай незалежнасьці Беларусьсю
абвясьціў аб заканчэньні свайго творчага перыяда "Сац-арту", альбо "Дэкляратыўнага
мастацтва" (1988 - 1991 гг.).З 1992 года, у складзе мастацкай майстэрні
Беларускай Каталіцкай Грамады ўдзельнічаў у рэстаўрацыі і рэканструкцыі
насьценнага жывапісу Магілёўскага Катэдральнага касьцёлу Ўнебаўзяцьця
Найсьвяцейшай Панны Марыі. Там жа мною напісаны фрэскі: "Сьвятая Цэцылія,
патронка Музыкі і Сьпеваў","Сьвяты Арханёл Міхаіл, заступнік зямлі Беларускай","Сьвяты
Антоні Падуанскі","Сьвяты апостал Іуда-Тадэўш","Глёрыя Кардыналу К.Сьвентаку".
25 сакавіка 1992 года ў Мінску, у Доме Літаратара адбылася мая другая
пэрсанальная выстава. 4-23 кастрычніка 1992 года адбылася мая пэрсанальная
выстава ў Магілёве, у выставачнай зале СМ па вул.Болдзіна, 4. Тым часам,
у выніку дапамогі з Амерыкі, беларусаў-эмігрантаў, якіх заарганізаваў
на гэта Сяржук Сакалоў-Воюш, была адкрата 23 сакавіка 1993 года першая
прыватная Галерэя сучаснага мастацтва ў Віцебску "У Пушкіна". У першыню
ў постсавецкім перыядзе мастацтва ў горадзе Віцебску з'явілася і аформілася,
як з'ява-галерэя сучаснага постмадэрнізму ў жывапісе маладых Беларускіх
мастакоў з Полацка, Гародні, Віцебска, тых творцаў канца 80-х - пачатку
90-х годоў, што вучыліся са мной у БДТМІ. За 1993-1995 г.г. было праведзена
8 значных выстаў жывапісу, графікі, скульптуры, сучаснай фатаграфіі, пластычнага
перфоманса. Усё гэта рабілася на свае заробленыя сродкі - ні Міністэрства
культуры, ні арганізацыі і фонды не падтрымалі галерэю. Яна была першай
лабараторыяй-эксперыментам апошняга накірунку сучаснага мастацтва ў Віцебску
і Беларусі. Куратары-мастацтвазнаўцы галерэі: Ларыса Міхневіч (Віцебск,1993-1994
гг.), Міхал Баразна (Менск, 1994-1996 гг.). Перамога на прэзідэнцкіх выбарах
А.Лукашэнкі ў 1994-м годзе, правядзеньне рэферэндумаў, адмена Канстытуцыі
1994-га году і ўсталяваньне дыктатуры аўтарытарнага прэзідэнцкага кіраваньня
на Беларусі не маглі не адбіцца на лёсе галерэі, яе дзейнасьць падверглася
ідэалагічнай абструкцыі з боку гарадскіх выканаўчых улад. Прадчуваючы
яе закрыцьцё, я даў згоду на правядзеньне ў памяшканьні галерэі 25-27
лістапада 1995 года 1 з'езда Беларускіх Нацыяналістаў. У выніку галерэя
была зачынена пад матывіроўкай "парушэньне статута і немэтавае выкарыстаньне
памяшканьня". 19 сьнежня 1995 года адбылася разьвітальная прэс-канферэнцыя
ў памяшканьні па вул.Суворава, 2 (трэці паверх) у Віцебску. Акцыі першай
прыватнай галерэі Сучаснага Мастацтва ў Віцебску яшчэ праходзілі ў 1995-96
гг. у розных памяшканьнях Віцебска ("Арт-Уно-Дзіскус" - люты 1995 г.,
"Арт-Прагноз - 96" - сакавік 1996 г.). Але бессэнсоўна было нешта
ладзіць у горадзе, дзе аддзел культуры аблвыканкама, адзел культуры гарвыканкама,
г.з. афіцыйныя гарадскія чыноўнкі і ўлады забаранялі праводзіць падобныя
мерапрыемствы, нацкоўвалі міліцыю на арганізатараў, забаранялі ці рэкамендавалі
дырэктарам устаноў, дзе мы прасілі месца для правядзеньня, гнаць нас і
г.д. Адбывалася дзяржаўная дыскрымінацыя ўсяго беларускага, у той час
як насаджалася усё "славянскае". Да таго ж будынак, дзе месьцілася мая
майстэрня (вул.Крылова, 7, былая Аляксандраўская гімназія), быў аддадзены
Віцебскай Епархіі, і Ўладыка Віцебскі і Аршанскі, епіскап РПЦ Дзьмітрый
праз свайго служку - айца Анатолія Рабкіна, вядома ж, расейца, загадаў
мне вызваліць памяшканьне, якое там, на вул.Крылова,7, у гэтым будынку,
у мяне было 3 гады, з 1993 году. Віцебскае абласное ўпраўленьне арганізацыі
Саюза Мастакоў Беларусі майстэрню мне не выдзяляла, хоць я стаю на чарзе
з 1991 году, ад самога моманту майго ўступленьня ў Саюз Мастакоў Беларусі.
Таму я быў змушаны канчаткова пакінуць Віцебск, і 1 траўня 1997 г. выехаў
разам з карцінамі і зборам галерэі на радзіму, у мястэчка Бобр. Апошняя
мая выстава ў Віцебску "Біяграфія" адбылася ў лютым 1997 года, у эстэтычным
цэнтры "Маладзік". У мястэчку Бобр зь лета 1995 года я расьпісваў новаадбудаваную
царкву Сьв. Мікалая-Цудатворца. За леты 1996 і 1997 гг. я закончыў росьпіс
царквы. Гэта мой апошні буйны манументальны твор. У жніўні 1997 г. я абвянчаўся
ў царкве, якую расьпісваў, і жыву цяпер разам з жонкай у мястэчку Бобр,
у сваім невялікім доміку. 11-26 сакавіка ў Воршы, у гарадской выставачнай
зале, прайшла мая тэматычная выстава жывапісу, графікі і сцэнаграфіі,
да гэтага яшчэ забароненай ў1996 годзе ў Віцебске, Ірынай Бабенка, дырэктарам
філармоніі. Першы вопыт працы па афармленьню сьпектакля ў мяне быў у 1993-1994
гг., калі ў Беларускім Драматычным тэатры імя Я.Коласа ў Віцебску разам
з рэжысёрам В.Масьлюком мы ставілі п'есу "Кароль Лір" У.Шэкспіра (прэм'ера
адбылася 17 красавіка 1994 г.). Другі сьпектакль паводле п'есы "Фрэкен
Юлія" Аўгуста Стрындберга я аформіў у тым жа тэатры ў 1997 годзе ( рэжысёр
А.Грышкевіч, прэм'ера 21 сьнежня 1997 г.). Афармляў сцэну і касьцюмы 7
Міжнароднага фестываля сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ў 1994 годзе. Так
сама аформіў кнігі паэзіі Міраславы Лукшы (Беласток 1994г.), Людмілы Сіманёнак
(Віцебск, 1997г.), Славаміра Адамовіча "Плавільшчыкі расы" (нязьдзейсьнена),
А.Мельнікава "Выжывае падлейшы". У Рэспубліканскіх выставах удзельнічаю
з 1986 года. Удзельнічаў у міжнародных выставах (Масква, Расія; Нямеччына).
Працы знаходзяцца ў ДММ Беларусі, Гістарычна-архітэктурным музеі Полацка,
гарадскіх музеях Воршы, у прыватных зборах Расіі, Беларусі, Нямеччыны,
Латвіі. Па палітычных поглядах і перакананьнях блізкі да руху БНФ "Адраджэньне".
Уваходзіў у партыю БНФ (1998 - 2005 гг).
|
|
Іншыя разьдзелы:

жывапіс


росьпісы

пэрфомансы
да ўвахода ў галерэю |