|
Артыкул
мастацтвазнаўцы Міхася Баразны "Алесь Пушкін".
- Што вы носіцеся з Гэтым Пушкіным. Гэта не сучасны
мастак. Ён ня мае ўяўленьня аб тым, што твакое актуальнае мастацтва.
- Ды пайшоў бы ты...
Вялікае войска народных філёзафаў, не
набліжаных да часовай палітычнай эліты, часта праз ёмістыя паняцьці метафарычнай
формы ацэньвае паўсядзённы стан рэчаў. Сялянская рэцэнзія лепш за ўсё
ўпісваецца ў мадэль цяперашчаны.
Ёсьць меркаваньне, што мацтацтва гэта тое, што робяць вядомыя мастакі.
Акцыі Пушкіна большыя чым звыклы твор мастацтва, хаця лічу немагчымым
разглядаць творчасьць мастака толькі як папулярнага перформера. Хаця,
зыходзячы зь ленінскага "разуменьня подлінасьці" мастацтва,
якое павінна быць народным і сваімі найглыбокімі каранямі зьвязанае з
жыцьцём народных масаў - перад намі набліжаны да народу майстар. Але,
нягледзячы на шырока распрацаваныя задачы пралетарскага мастацтва, ня
бачу ва многіх учынках мастака аніякага пэрфоманса альбо хэпенінга. Магчыма
тутэйшая тыпалогія мастацкай практыкі тут таксама спазьняецца, а журналісты
карыстаюцца старымі штампамі. Бо ў іх іншыя праблемы. Сапраўдныя ж творы
мастака можна доўга пералічаць, бо тут і станковы жывапіс, творы соц-арта,
манументальныя росьпісы хрысьціянскай тэматыкі, графіка, сцэнаграфія да
"Караля Ліра" і шэраг глыбокіх па вобразу мастацкіх пэрфомансаў.
У стандарты хулігана асобы з такім багажом і сталымі прынцыпамі не ўпісываюцца.
Але такі стандарт даспадобы большасьці сёньняшняе беларускай журналістыкі.
За замежнае слаўцо "пэрфоманс" з правакацыйнай падачы самаго
Пушкіна яны і ўчапіліся. Сёньня да традыцыйнай формы мастацтва аднясуць
любы скандал, а сапраўднае мастацтва "сьпэцыялісты клавіатуры"
так і не ўбачаць, як і іх савецкія настаўнікі. Адзін з шэрагоўцаў гэтага
цэху сваю зацемку так і назваў "Перфоманснул...", як быццам
у Алеся прафесія такая, штодзённыя абавязкі забаўленьня фатакораў? Цырк
у нас знаходзіцца ў іншым месцы. Будуць ад мастака ці частцы яго творчасьці
адмяжоўвацца і сёньня, бо акцыі і жывапіс не ўпісываюцца ў бязьмежную
ўдзячнасьць спонсару, залётныя моды. А самога мастака за гэтыя акцыі паездкай
ці віртуальнай пасадай не ўзнагародзяць, эўрапейскую выставачную залю
не прапануюць. А вось на сьпіне пакатацца, знойдзецца ахвотных багата.
Нарадзіўся Алесь Пушкін у Бобры, што ў Крупскім раёне. Мастак манументальнага
і станковага жывапісу, рэстаўратар фрэскаў, заснавальнік першай прыватнай
Галерэі сучаснага мастацтва "У Пушкіна" (1993-1994) у Віцебску
(пры падтрымцы беларусаў замежжа). Аўтар шматлікіх мастацкіх акцыяў, актыўны
ўдзельнік мерапрыемстваў палітычнай апазыцыі. З 1977 па 1983 год вучыўся
ў рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя
І.Ахрэмчыка ў Менску. У 1983 годзе паступіў у Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-мастацкі
Інстытут. У 1984 годзе прызваны ў савецкае войска ў Афганістане. У 1986
годзе быў адноўлены ў якасьці студэента. У 1989 асуджаны за арганізацыю
хэпенінга, прысьвечанага 71-м угодкам Беларускае Народнае Рэспублікі,
да двух гадоў зьняволеньня (умоўна). У 1990 годзе скончыў інстытут. Дыплёмная
работа - росьпіс "Парнат" у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце
па музыцы і выяўленчым мастацтве (215 кв.м.). За гэтую працу быў рэкамендаваны
ў Беларускі Саюз Мастакоў, удастоены вышэйшай адзнакі і пахвалы Дзяржаўнай
экзаменацыйнай камісіі. Пасьля вучобы накіраваны на працу ў Віцебскі камбінат
мастацтваў. З 1992 па 1997 у складзе групы рэстаўратараў працаваў над
рэстаўрацыяй фрэскаў касьцёлу Ўнебаўзяцьця Панны Марыі ў Магілёве.
Заснаваная мастаком Галерэя Сучаснага Мастацтва "У Пушкіна"
(была адчынена ў сакавіку 1993 года) хутка стала вядомай выставачнай заляй
й культурніцкім маладзёвым цэнтрам не толькі ў Віцебску, але і ў краіне.
На рахунку галерэі і яе ўтрымальніка сэрыя ўнікальных выстаў, правядзеньне
навуковай канферэнцыі і выставы "Барока на Беларусі", мастацка-літаратурныя
акцыі, фотавыставы. Экспазіцыйная плошча была адкрыта заўсёды не толькі
прадстаўнікам беларускага мастацтва. У лістападзе 1994 года галерэя была
зачынена. Закрыцьцё такога вядомага асяродка мастацтваў - моцны, балючы
ўдар па галлерэйным руху ў Беларусі (праз два гады спыніла сваю дзейнасьць
і менская галерэя "Шостая лінія").
Зараз Пушкін жыве ў гарадзкім пасёлку (мястэчку?) Бобр Менскай вобласьці,
дзе й нарадзіўся. Зьяўляецца аўтарам росьпісу мясцовай прыходзкай царквы.
Паколькі мастак і ягоныя продкі з гэтых мясьцінаў, ён зрабіў ім падарунак.
Фрагмэнт інтэрв'ю з мастаком
ў 1996 годзе.
- Якая твая мэта ў мастацтве?
- Мая мэта ў мастацтве... Якая мэта можа быць у сьпевах салаўя, прыгажосьці
кветкі, прыроды? Ня ведаю, як адказаць табе на гэтае пытаньне. Хутчэй
так: я найбольш шчасьлівы і задаволены сабою і жыцьцём бываю, калі малюю
свае карціны. Лепшае для мяне - гэта калі я самотны і малюю сваё. Вось
дзеля гэтага і жыву. Вядома ж разумею, што жывуі павінны знайсьці сваё
месца ў вялікім, сур'ёзным сьвеце прафесыйнага мастацтва, зь яго больш,
чым чатырохтысячагадовай гісторыяй. Ну й адпаведна мэта мая - быць патрэбным,
любімым і паважаным у гэтым сур'ёзным сьвеце.
- Каго б ты мог назваць сваім настаўнікам?
- Мае настаўнікі: а) тэарэтычныя, як бы духоўныя: Леанарда, Далі, Вермэер,
Феафан Грэк і Андрэй Рублёў. б) практычныя. У школе - Пётра Шырына. У
інстытуце - Павал Семчанка. Алег Хадыка і Гаўрыіл Вашчанка.
- На якой ступені разьвіцьця знаходзіцца сучаснае беларусеае мастацтва?
- Сучаснае беларускае мастацтва зараз знаходзіцца на высокай ступені разьвіцьця,
калі параўноўваць яго з самім сабою (па ўсёй гісторыіпрынамсі беларускага
мастацтва). Але ў параўнаньні з сучасным сусьветным працэсам, які вядзе
мастацтва XX стагодзьдзя да нейкага завяршэньня, то ёсьць крыху пэўнае
адставаньне. Яно і на дабро, бо поўнасьцю не зьнішцаецца і не нівеліруецца
свая мастацкая школа, якая была і на працягу стагодзьдзяў (разьбярства,
фрэскавыя размалёўкі, іканапіс, кераміка) так і зараз, напрыклад графіка,
рэалістычны нацюрморт, партрэт, краявід, разьбярства (не блытаць са скульптурай).
Дрэнна што няма: а) структураванага арт-рынку, б) мастацтвазнаўчага разгалінаваньня,
в) попыту на ўсё гэтае з-за беднасьці краіны.
- Ці ў стане асоба мастака зьмяніць ход разьвіцьця мастацтва?
- Вядома, у стане. Але не з ног на галаву, не кардынальна.
- Ці рэальны ў Беларусі шырокі мастацкі рух?
- Рэальны. Ён ёсьць, толькі вельмі кволы і слабы.
- Якое месца займае акадэмічная адукацыя ў Беларусі?
- На жаль несур'ёзнае, асабліва ў Віцебску. Бо тут зусім не даецца акадэмічнай
падрыхтоўкі.
- Які від выяўленчага мастацтва - тваё месца ў мастацтве?
- Размалёўкі і аздабленьне інтэр'ераў хрысьціянскіх пабудоваў, пэрфомансы,
станковы жывапіс, сцэнаграфія, касьцюм, плякат.
|
|
Іншыя разьдзелы:

жывапіс


росьпісы

пэрформансы
да ўвахода ў галерэю |