|
АЛЕСЬ ПУШКІН. АЎТАБІЯГРАФІЯ, ПРЭСА, КРЫТЫКА
|
“Алесь
Пушкін і яго Беларусь” у Воршы Адкрыцьцё мастацкае выставы “Алесь Пушкін і яго Беларусь” сёньня стала адной з частак вялікай мастацкай імпрэзы ў аршанскім музэі Ўладзімера Караткевіча. Разам зь вядомым мастаком у Воршу прыехалі супрацоўнікі рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў”на чале з рэдактарам Барысам Пятровічам, адказны сакратар саюзу пісьменьнікаў Беларусі Анатоль Івашчанка, паэт Андрэй Хадановіч. Зьбіраўся на сёньняшнюю сустрэчу і вядомы фундатар
беларускіх мастацкіх праектаў Алесь Суша. Прыехаць ён ня змог, але дзякуючы
яму ўпершыню менавіта ў Воршы адбылося першае грамадзкае праслухоўваньне
новага музычнага дыску “Павей, вецер…” Гэта дыск дыск зь песьнямі вядомых
беларускіх рок-выканаўцаў, напісанымі на словы Ўладзімера Караткевіча.
У гэтым сэнсе аршанцам пашанцавала: прэзэнтацыя дыску ў Менску адбудзецца
хіба перад Калядамі, а набыць яго можна будзе толькі ўвесну. (Пушкін:) “На стварэньне малюнкаў-“тату” мяне натхнілі такія творы Ўладзімера Караткевіча як “Ладзьдзя роспачы”, “Чорны замак Альшанскі”, Чазенія”, “Дзікае паляваньне караля Стаха”, лірыка славутага пісьменьніка. Я хачу, каб мастацтва “тату”, якое цяпер вельмі моднае спаміж моладзі, несла ў моладзевы асяродак нашую беларускую культуру, беларускую клясыку. Вельмі хочацца, каб малады беларус, зрабіўшы татуіроўку, абавязкова пачытаў Караткевіча! Перад прэзэнтацыяй нашага дыску мы самі з Алесем Сушам вырашылі зрабіць сабе татуіроўкі на памяць. Думаю, да нас далучацца й нашыя аднадумцы. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, да прыкладу, зацікавіўся малюнкам паводле апавяданьня “Краіна Цыганія”; аршанец Генадзь Шэпелеў, як ён сам кажа, хацеў бы мець “каля сэрца” выяву Пагоні. Такім чынам мы, я спадзяюся, запачаткуем у Беларусі новую моду…” Сваю выставу Алесь Пушкін прысьвяціў былой дырэктарцы музэю Іне Байковай — арганізатарцы ўсіх мастацкіх ды літаратурных сустрэчаў у музэі Ўладзімера Караткевіча, якія адбыліся сёлета. Выстава будзе экспанавацца тут да 28 сьнежня. |
|
Іншыя разьдзелы: |