• уваход да галерэі
• тэксты
• карціны

• пэрфомансы
• росьпісы царквы
• росьпісы касьцёла


РОСЬПІСЫ ПУШКІНА АЛЕСЯ ЗЬ ВІЦЕБСКА


Магілёўскі Архікатэдральны Касьцёл

1. Гісторыя касьцёла
2. Храналёгія рэстаўрацыі
3. Cтан перад пачаткам рэстаўрацыі
4. Рэстаўрацыя (першыя здымкі)
5. Рэстаўрацыя (каляровыя здымкі)
6. Фрэскі ўласна А.Пушкіна

Гісторыя Магілёўскага архікатэдральнага касьцёла Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (сьв. Станіслава)

Афіцыйнай датай узьвядзеньня сьвятыні лічацца 1738-1752 гг. Касьцёл быў пабудаваны з цэглы на месцы драўлянага касьцёла кармэлітаў (1636 г.), што зкорэў у 1708 г. Існуе паданьне, паводле якога касьцёл быў пабудаваны з разабраных гарадзкіх камяніц.
Першапачаткова касьцёл быў узьведзены ў стылі барока. Сьвятыня асьвечана ў 1765 г. віленскім біскупам Ф.Зянковічам. Да 1783 г. Касьцёл насіў назву Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. У галоўнай частцы алтара быў зьмешчаны абраз Маці Божай. Магчыма, гэта быў цудадзейны абраз Багародзіцы, пра які сьведчыць інвентар 1692 г.
У 1783 г. касьцёл стаў катэдрай Магілёўскай архідыяцэзіі. Першы біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч перабудаваў галоўны фасад касьцёла і асьвяціў другі алтар у імя сьв. Станіслава. Катэдра атрымала тытул сьвятога Станіслава.
Пасьля пажару 1810 г. касьцёл быў перабудаваны ў стылі клясыцызму: трохнэфавая дзьвюхвежавая шасьцікалённая базыліка з трансэптам і паўцыркульнай апсідай з бакавымі закрыстыямі. Да апсіды былі далучаны будынкі сэмінарыі і друкарні.
У сьвятыні захаваўся выдатны помнік манументальнага мастацтва - фрэскавыя біблейскія цыклі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765-1767 гг. Мастакамі А. Главацкім, П. Пятроўскім, а таксама вучнямі-манахамі Пятром, Лук'янам, Рыгорам. У 1860-я гады фрэскі (4 кампазыцыі каля алтара) абнаўляў і дапоўніў мастак Фёрст. На скляпеньні цэнтральнага нэфу ад канхі апсіды да хораў разьмешчаны тры вялікія фрэскавыя кампазыцыі: "Перамяненьне", "Уручэньне ключоў апосталу Пятру" і "Унебаўзяцьце Марыі". Выявы эвангелістаў з адпаведнымі ім сымбалямі і выявы айцоў Касьцёла - Гэраніма, Аўгусьціна, Клімэнта - знаходзяцца ў архітэктурных кулісах. У прастакутных нішах ніжэй вокнаў па перыметры сьцен галоўнага нэфу цешаць вока сюжэты "Уваскрашэньне Лазара", "Цуд сьв.Тэрэзы", "Хрост" і іншыя.
Авальную апсіду дапаўняе галоўны алтар з дзьвумя паўкалёнамі і слаістымі пілястрамі карынцкага ордэра з пазалочанымі капітэлямі, на якія абапіраецца тонкапрафіляваны антамблемэнт. Над ім - фігурны шчыт з ракайльнай рамай і бакавымі валютамі. У галоўным алтары зьмешчаны абраз "Укрыжаваньне".
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі вылучаўся асаблівай прыгажосьцю і ўбранствам. Апроч багатага фрэскавага росьпісу тут знаходзіліся вытанчаныя скульптуры сьвятых, цудоўныя абразы, каштоўныя літургічныя шаты, пашытыя на ўзор слуцкіх паясоў, арган XIX стагодзьдзя. Пасьля таго, як у Магілёве быў зачынены касьцёл сьв. Антонія, у сьвятыню быў перанесены цудадзейны абраз сьвятога. Культ сьв. Антонія быў настолькі моцны ў гэтым горадзе, што царскім уладам давялося афіцыйна зацьвердзіць штогадовую працэсію ў гонар сьвятога, якая адбываецца 13 чэрвеня аж да гэтага часу.
У 1935 г. касьцёл быў зачынены, там разьмясьцілі гістарычны архіў, а маёмасьць разрабавалі. У 1946 г. касьцёл ператварылі ў склад, з 1964 па 1986 г. тут разьмашчаўся архіў, і інтэр'ер касьцёла быў зьнішчаны.
Рыма-каталіцкая парафія зарэгістравана ў 1990 г., ёй быў перададзены былы архікатэдральны касьцёл. Тады ж намаганьнямі вернікаў і асабліва тагачаснага пробашча, а цяперашняга біскупа віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна, распачалася рэстаўрацыя зьнішчанай сьвятыні. Інтэр'ер катэдры аднаўляўся спачатку дзяржаўнымі рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, потым - рэстаўрацыйнай філіяй Беларускай Каталіцкай Грамады.
13 ліпеня 1996 г. кардыналам Казімірам Сьвёнткам катэдральны касьцёл быў урачыста рэкансэкраваны (асьвечаны нанова).
Адрадзілася ня толькі сьвятыня, але і рэлігійнае і духоўнае жыцьцё парафіі. Ужо стала добрай традыцыяй правядзеньне з 1992 г. Міжнароднага фэстывалю хрысьціянскай музыкі "Магутны Божа", які вядомы далёка за межамі Беларусі, пры касьцёле актыўна дзейнічаюць рухі сьвецкіх асобаў, асабліва "Хатні касьцёл" і "Легіён Марыі".

Інфармацыя паводле буклету Магілёўскага архікатэдральнага касьцёлу
Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (сьв. Станіслава).


наступная частка >>
Вернуцца на галоўную старонку