Гісторыя
Магілёўскага архікатэдральнага касьцёла Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай
Панны Марыі (сьв. Станіслава)
Афіцыйнай датай узьвядзеньня сьвятыні
лічацца 1738-1752 гг. Касьцёл быў пабудаваны з цэглы на месцы драўлянага
касьцёла кармэлітаў (1636 г.), што зкорэў у 1708 г. Існуе паданьне,
паводле якога касьцёл быў пабудаваны з разабраных гарадзкіх камяніц.
Першапачаткова касьцёл быў узьведзены ў стылі барока. Сьвятыня асьвечана
ў 1765 г. віленскім біскупам Ф.Зянковічам. Да 1783 г. Касьцёл насіў
назву Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. У галоўнай частцы
алтара быў зьмешчаны абраз Маці Божай. Магчыма, гэта быў цудадзейны
абраз Багародзіцы, пра які сьведчыць інвентар 1692 г.
У
1783 г. касьцёл стаў катэдрай Магілёўскай архідыяцэзіі. Першы біскуп
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч перабудаваў галоўны фасад касьцёла
і асьвяціў другі алтар у імя сьв. Станіслава. Катэдра атрымала тытул
сьвятога Станіслава.
Пасьля пажару 1810 г. касьцёл быў перабудаваны ў стылі клясыцызму:
трохнэфавая дзьвюхвежавая шасьцікалённая базыліка з трансэптам і
паўцыркульнай апсідай з бакавымі закрыстыямі. Да апсіды былі далучаны
будынкі сэмінарыі і друкарні.
У сьвятыні захаваўся выдатны помнік манументальнага мастацтва -
фрэскавыя біблейскія цыклі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765-1767
гг. Мастакамі А. Главацкім, П. Пятроўскім, а таксама вучнямі-манахамі
Пятром, Лук'янам, Рыгорам. У 1860-я гады фрэскі (4 кампазыцыі каля
алтара) абнаўляў і дапоўніў мастак Фёрст. На скляпеньні цэнтральнага
нэфу ад канхі апсіды да хораў разьмешчаны тры вялікія фрэскавыя
кампазыцыі: "Перамяненьне", "Уручэньне ключоў апосталу
Пятру" і "Унебаўзяцьце Марыі". Выявы эвангелістаў
з адпаведнымі ім сымбалямі і выявы айцоў Касьцёла - Гэраніма, Аўгусьціна,
Клімэнта - знаходзяцца ў архітэктурных кулісах. У прастакутных нішах
ніжэй вокнаў па перыметры сьцен галоўнага нэфу цешаць вока сюжэты
"Уваскрашэньне Лазара", "Цуд сьв.Тэрэзы", "Хрост"
і іншыя.
Авальную
апсіду дапаўняе галоўны алтар з дзьвумя паўкалёнамі і слаістымі
пілястрамі карынцкага ордэра з пазалочанымі капітэлямі, на якія
абапіраецца тонкапрафіляваны антамблемэнт. Над ім - фігурны шчыт
з ракайльнай рамай і бакавымі валютамі. У галоўным алтары зьмешчаны
абраз "Укрыжаваньне".
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі вылучаўся асаблівай
прыгажосьцю і ўбранствам. Апроч багатага фрэскавага росьпісу тут
знаходзіліся вытанчаныя скульптуры сьвятых, цудоўныя абразы, каштоўныя
літургічныя шаты, пашытыя на ўзор слуцкіх паясоў, арган XIX стагодзьдзя.
Пасьля таго, як у Магілёве быў зачынены касьцёл сьв. Антонія, у
сьвятыню быў перанесены цудадзейны абраз сьвятога. Культ сьв. Антонія
быў настолькі моцны ў гэтым горадзе, што царскім уладам давялося
афіцыйна зацьвердзіць штогадовую працэсію ў гонар сьвятога, якая
адбываецца 13 чэрвеня аж да гэтага часу.
У 1935 г. касьцёл быў зачынены, там разьмясьцілі гістарычны архіў,
а маёмасьць разрабавалі. У 1946 г. касьцёл ператварылі ў склад,
з 1964 па 1986 г. тут разьмашчаўся архіў, і інтэр'ер касьцёла быў
зьнішчаны.
Рыма-каталіцкая парафія зарэгістравана ў 1990 г., ёй быў перададзены
былы архікатэдральны касьцёл. Тады ж намаганьнямі вернікаў і асабліва
тагачаснага пробашча, а цяперашняга біскупа віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава
Бліна, распачалася рэстаўрацыя зьнішчанай сьвятыні. Інтэр'ер катэдры
аднаўляўся спачатку дзяржаўнымі рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, потым
- рэстаўрацыйнай філіяй Беларускай Каталіцкай Грамады.
13
ліпеня 1996 г. кардыналам Казімірам Сьвёнткам катэдральны касьцёл
быў урачыста рэкансэкраваны (асьвечаны нанова).
Адрадзілася ня толькі сьвятыня, але і рэлігійнае і духоўнае жыцьцё
парафіі. Ужо стала добрай традыцыяй правядзеньне з 1992 г. Міжнароднага
фэстывалю хрысьціянскай музыкі "Магутны Божа", які вядомы
далёка за межамі Беларусі, пры касьцёле актыўна дзейнічаюць рухі
сьвецкіх асобаў, асабліва "Хатні касьцёл" і "Легіён
Марыі".
Інфармацыя паводле
буклету Магілёўскага архікатэдральнага касьцёлу
Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (сьв. Станіслава)
.
|