| |
Цуд
на Каляды
Улетку
2002 года, працуючы над вітражом у капліцы сьвятога Яна Хрысьціцеля,
што на Серабранцы ў Менску, я падчас Сьвятой Імшы аднойчы задумаўся
пра тое, што капліца вельмі нагадвае мне інтэр'ер якойсьці адрыны
з-за бэлек на столі.
І
я раптам узгадаў, што гэта ж будуць першыя Каляды ў гэтай сьвятыні.
Сьвятыні, якая, я веру, дасьць пачатак вялікаму рэлігійнаму цэнтру
салезыянаў у нашай Беларусі. На ўспамін мне прыйшло таксама жыцьцё
сьвятога Яна Боскі, яго мары пра гэткія цэнтры-касьцёлы па ўсім
сьвеце, дзе б зьбіраліся падлеткі, якім складана ў сям'і. Мне
думалася: вось мікрараён Серабранка - вунь колькі бетонных гмахаў
шматкватэрных, і там ёсьць абавязкова такія падлеткі, ды й іх
маці, бацькі, якія амаль усе збольшага выйшлі з вёсак, мястэчкаў
і пераехалі ў Менск. І першыя Каляды ў гэтым новым касьцёльчыку,
першым на Серабранцы, няхай бы ім нагадалі пра малую радзіму,
пра тое, што ніколі ўжо не выцісьнецца зь іх сэрцаў - водар сена,
працы - і сьвята! Сьвята Божага Нараджэньня - Сьвята нараджэньня
комплексу касьцёла сьв.Яна Хрысьціцеля ў Менску.
Гэта
будзе храм-адрына, дзе адбыўся цуд Божага Нараджэньня. Ікожны
наведнік першых урачыстасьцяў Новага Году будзе заходзіць ў новую
каплічку як сьведка вялікай Таямніцы - цуда Божага Нараджэньня
- ступаючы па саломе, па рассыпанным на падлозе сене, бачачы вакол
Калядныя зоркі з саломкі і саламяных анёлаў.
Так
і нарадзілася задума аздабленьня і ўбраньня капліцы сьвятога Яна
Хрысьціцеля на Серабранцы да Божага Нараджэньня і Калядаў 2002
году.
Тады
ж я прапанаваў ксяндзу-пробашчу айцу Ігару Лашуку ўзяцца за яе
ажыцьцяўленьне.
А
далей ужо зьдзейсьнілася гэтая Воля Божая рукамі нашых мілых беларускіх
дзяўчат - Валі Лойкі і яе вучаніц і памочнікаў з клуба "Раніца"
Нацыянальнага цэнтру дзіцячай творчасьці. Цікава адзначыць, што
калі мы гэт ўсё аздаблялі - працавалася спорна, хутка і весела.
Усё нам спрыяла - і людзі, і адміністрацыя, і нават кіраўніцтва
прыгараднага калгаса імя Гастэлы, што ў Сеньніцы. Там мы бралі
і сена, і салому. Гэта знак таго, што Воля Ўсявышняга зьдяйсьнялася
нашымі грэшнымі і слабымі рукамі. Гэтая цікавая знаходка, мне
здаецца, будзе падхоплена і іншымі касьцёламі, асабліва ў урбаністычных
мікрараёнах вялікіх гарадоў, дзе жыве шмат людзей, што выехалі
зь вёсак. Калі ў сэрцы чалавека закранаюцца гэткія глыбока прыхаваныя
пачуцьці, то яго агортвае дабрыня, а дабрыня - гэта тое, што,
на маю думку, і павінна нас аб'ядноўваць і лячыць у імклівым сучасным
жыцьці.
Вось
і адбудзецца Цуд на Каляды. Вось і яшчэ раз, прыйшоўшы ў сьвятыню,
Хрыстос нагадае пра сябе ў сэрцах людзей праз гэтыя Любоў і Дабрыню.
Фота А.Яроменкі.
|