Міхась Скобла, Менск
Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 2 красавіка).
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі з 19 да 25 сакавіка за ўдзел
у несанкцыянаваных мітынгах было арыштавана больш за 500 чалавек.
“Асабліва небясьпечных” затрымлівалі прэвэнтыўна. У іх ліку быў
і мастак Алесь Пушкін, які жыве ў мястэчку Бобр Крупскага раёну.
Чаму дзясяткі грамадзянаў Беларусі ілжэсьведчылі ў судах? Ці адчувае
беларуская ўлада сорам за свае гвалтоўныя дзеяньні? Як энэргію масаў
можна скіраваць у канструктыўнае рэчышча? Пра гэта ды іншае з Алесем
Пушкіным гутарыць Міхась Скобла.
(Скобла: ) “Алесь, апошнім часам ты больш часу праводзіш
за мальбэртам. За што ж цябе арыштавалі?”
(Пушкін: ) “Пачну з таго, што мы зь сям’ёй вырашылі
ня браць удзелу ў галасаваньні й не ісьці на выбарчыя ўчасткі ў
дзень выбараў. 18 сакавіка да мяне дамоў прыехалі начальнік аховы
грамадзкай бясьпекі Крупскага РАУС маёр Мікалай Макарэвіч і опэрупаўнаважаны
па крымінальным вышуку Валеры Костачка. Яны пасадзілі мяне ў машыну,
сінюю, зь мігалкамі, і павезьлі ў Крупкі. Там начальнік РАУС падпалкоўнік
Уладзімер Пагуда паказаў мне два пратаколы. У іх было запісана,
што грамадзяне мястэчка Бобр, ловячы рыбу на супрацьлеглым ад маёй
хаты беразе ракі, чулі, як я гучна размаўляў па тэлефоне зь нейкім
Сьцяпанам Сухарэнкам, лаяўся на яго матам, пагражаў узрываць школы,
кідаць пацукоў у водаправоды й выказваўся, як запісана ў пратаколе,
дзіўным словам “супастат”. Я выслухаў і падзякаваў міліцыянту за
тое, што хоць убачу тых стукачоў, хто гэткую бязглузьдзіцу панапісваў.
Адзін зь іх, Сойка Іван Пятровіч, 1948 году нараджэньня, беларус”.
(Скобла: ) “Гэта твой сусед?”
(Пушкін: ) “Так, праз раку жыве. Потым я яго пабачыў
на судзе. І ён, гледзячы ў падлогу, пацьвердзіў, што ўсё так і было.
Засунулі мяне, кажучы на іхным слэнгу, у “абязьяньнік” сьледчы ізалятар.
І сядзеў я там з 18 да 20 сакавіка. Потым адбыўся суд, на якім судзьдзя
Вольга Хома пакарала мяне штрафам 31 000 рублёў”.
(Скобла: ) “Давай вернемся да твайго суседа. Беларускія
сяляне даносілі на інсургентаў у 1864-м, высочвалі слуцкіх паўстанцаў
у 1920-м, дапамагалі МГБ лавіць беларускіх дывэрсантаў у 1952-м…
Як ты лічыш, сёньня магчымая падобная сытуацыя?”
(Пушкін: ) “Ня толькі магчымая, гэта ўжо рэальная
сытуацыя. Дастаткова аднаго загаду зьверху. Калі дзяржава дасьць
адмашку, гэтыя людзі, якія дзесяць гадоў стаяць поруч з табой у
царкве і дапамагаюць табе вазіць дровы, заўтра скажуць: так, ён
вораг, ён фашыст, ён будзе паказваць ліхтарыкам натаўскім самалётам,
дзе бамбіць, і адчыніць вароты натаўскім танкам”.
(Скобла: ) “Гэта ж страшна. Гэта ж найгоршае, што
можа быць”.
(Пушкін: ) “Тут я падумаў пра другое, пра тое, якую
адказнасьць бярэ на сябе начальства, правакуючы ў людзях такую брыдоту.
А што робіць Беларускае тэлебачаньне? Напярэдадні выбараў яно паказала
фільм “Духоўная вайна”. І бабулі ў царкве мне казалі: “Ну во, Саша,
уключылі тэлевізар, думалі паглядзець духоўную перадачу, а там цябе,
супастата, убачылі. Дык і ты супраць нашага прэзыдэнта?! І партрэт
Джахара Дудаева намаляваў…” Я кажу ім, бачыце, і я “к злодеям причтён”.
(Скобла: ) “Сёньня можна пачуць папрокі тым ці іншым
апазыцыйным палітыкам: не скарысталі наяўных сілаў, ці наадварот
— пайшлі на непатрэбныя сутыкненьні. А ў якое канструктыўнае рэчышча
можна было скіраваць 30-цітысячны натоўп?”
(Пушкін: ) “Ня толькі трыццацітысячны натоўп. Беларускі
народ усё ж такі падняўся. Энэргія масаў, энэргія моладзі, пратэставы
электарат — у наяўнасьці. Нягледзячы на запалохваньні, на ўсю масавую
прапаганду, людзі з прыходам вясны падняліся. У наяўнасьці добрыя
рысы нашага жывога грамадзтва. Адчуваецца прага пераменаў. Як гэта
скарыстаць? Трэба ведаць, што ў нас ніколі ня будуць дзейнічаць
тэхналёгіі Захаду. Беларускі лідэр мусіць абапірацца на ўласнабеларускія
сродкі, на свае беларускія структуры, назавём гэта беларускай самапомаччу.
Ён павінен мець чыстую біяграфію, не павінен быць помсьлівым, як
адзін з кандыдатаў, каторага выпіхнулі з той лыжні, на якой ён бутэлькі
адчыняў. Ня трэба энэргію помсты накіроўваць на палітычнае змаганьне.
Трэба зарабляць грошы, складвацца і рабіць палітычную партыю, вылучаць
чыстага, нармальнага, маладога лідэра”.
(Скобла: ) “Калі на менскіх вуліцах пачуліся выбухі,
нам патэлефанаваў слухач і роспачна заявіў, што пачалася грамадзянская
вайна. А ў цябе не было падобнага адчуваньня?”
(Пушкін: ) “Не, я ведаў, што гэта запалохваньне.
Страляніна газавымі гранатамі дае дымавую заслону, дае спалох людзей,
такая мэтодыка прадумваецца загадзя. Памятаеце 25 Сакавіка 2000
году? Бэтээры, салдаты з сабакамі каля ЦУМу. Гэта ўсё для таго,
каб запалохаць людзей. І сёлета было тое самае. Адзінае, што мяне
насьцярожыла, — тое, што супрацьстаяньне розных сэгмэнтаў грамадзтва
дасягае небясьпечнай рысы. Сапраўды, у нашым мірным грамадзтве распачаўся
чарговы віток нянавісьці, распачалося супрацьстаяньне адзін супраць
аднаго. Вось чым жахлівая сытуацыя! Не на Акрэсьціна трэба было
ісьці, а да расейскай амбасады”.
(Скобла: ) “Алесь, я ведаю, што ты — уцаркоўлены
чалавек, наведваеш царкву і супрацоўнічаеш як мастак з рознымі канфэсіямі.
Давай пагаворым пра ролю ў сакавіцкіх падзеях Беларускай праваслаўнай
царквы. Што гэтая тэма хвалюе грамадзтва, засьведчылі і шматлікія
званкі на Радыё Свабода. Давай паслухаем адзін зь іх, запісаны нашым
аўтаадказьнікам 30 сакавіка”.
(Спадар: ) “Хачу сказаць некалькі словаў пра ролю
праваслаўнай царквы й Філарэта ў падзеях пасьля выбараў. Каб вызначыць
пазыцыю Філарэта, трэба згадаць, што пасьля ўручэньня Пуціным узнагароды
Філарэту ён сказаў: “Служу Расеі!” У гэтых словах уся ягоная сутнасьць.
Ён жа сапраўды служыць Расеі, як і ўся праваслаўная царква. А ў
нас няма сваёй царквы, а ёсьць Беларускі экзархат, структура Расейскай
праваслаўнай царквы. Замянеце Філарэта другім чалавекам — і ён будзе
служыць Расеі. Каб праваслаўная царква служыла Беларусі, трэба мець
сваю аўтакефальную, незалежную ад Расеі й ад расейскай царквы праваслаўную
царкву. Лукашэнка пасьлядоўна, прадумана, крок за крокам зьнішчае
ўсё беларускае, а Філарэт забясьпечвае духоўны бок усёй гэтай справы.
Так абодва служаць Расеі і карыстаюцца яе падтрымкай. І крыўдзіцца
на Філарэта і праваслаўную царкву ня трэба, неабходна проста разумець
іх сутнасьць”.
працяг
|