|
(Пушкін: ) “Я слухаў камэнтар
па БТ айца Фёдара Поўнага, які саркастычна называў сьвятароў беларускай
народнай царквы, што стаялі побач зь мітынгоўцамі на Кастрычніцкай
плошчы, самазванцамі, самаабвешчанай царквой. Маўляў, іх япіскапы
ў Нью-Ёрку, у Амэрыцы, таму яны прадажныя. Але ён не сказаў, што
на плошчы стаяў і ўніяцкі сьвятар з Воршы айцец Андрэй. Ён прастаяў
першую ноч на марозе акурат у ачапленьні, дзе было хіба найцяжэй.
Ён нёс свой крыж з народам.
А што да нашай
афіцыйнай царквы… Я раскажу, што ў нашым прыходзе адбывалася. Для
Бобраўскага храму я зрабіў два абразы, тры месяцы працаваў. Напісаў
апостала Яна і Маці Божую, якая стаіць каля ўкрыжаваньня. Напярэдадні
выбараў я далажыў аб заканчэньні працы свайму сьвятару айцу Віктару.
Сьвятар разам са старшынёй царкоўнага камітэту прыйшлі і прынялі
маю працу — яны былі задаволеныя. Але потым я трапіў у пастарунак.
Дык цяпер сьвятар баіцца забіраць абразы. Чаму так? Бо, як я думаю,
гэты чалавек не свабодны. Ён мне і сам гаварыў: “Аляксандар, у царкве
не працуюць, а служаць”. Але ня ўсе сьвятары такія. Я ўспамінаю
сьвятара Георгія Бортніка з Глыбоччыны, чый партрэт зараз пішу.
Ён расстраляны савецкай уладай у 1951 годзе, па сутнасьці, за тое,
што размаўляў зь вернікамі па-беларуску, за тое, што дапамагаў Беларускай
Незалежніцкай Партыі. Уладу не спыніла нават тое, што ў яго былі
маленькія дзеткі. Так што былі сьвятары, якія падзялялі і радасьць,
і бяду з народам. Ёсьць яны й сёньня”.
(Скобла: ) “А
што ты як праваслаўны вернік адчуў, калі пабачыў царкоўны ордэн
на грудзях камандзіра СОБРу Паўлічэнкі?”
(Пушкін: ) “Вельмі
складана гаварыць пра Беларускі экзархат РПЦ. Але я не выбіраю гэтае
царквы. Спрадвеку мая бабуля, мая маці, мой бацька былі яе прыхаджанамі.
Я ўцаркоўлены чалавек, хаджу й малюся Богу ў Бобраўскую царкву.
Але мне вельмі цяжка цалаваць руку сьвятару, які дае мне крыж. Бо
я вельмі ясна бачу, што гэта рука ўлады. І таму цалаваць руку ўлады
мне не хацелася б. Але ж царква ёсьць жывым арганізмам, які складаецца
зь людзей. А яны могуць памыляцца. Да таго ж, Бог дае папушчэньні
дзеля людзкога выпрабаваньня. Памятаеш, спачатку царква ўзнагародзіла
Лукашэнку ордэнам Сьвятой Эўфрасіньні. А потым сьвецкая ўлада дае
Філарэту званьне Героя Беларусі. Такі абмен. Ці — царкоўныя ўлады
ўзнагароджваюць ордэнам роўнаапостальнага Сьвятога Ўладзімера абаронцу
ўлады. І не выпадкова ордэн гэты носіць імя чалавека, які праліў
столькі крыві, — князя Ўладзімера? Так, ён забіваў, але ён выканаў
сваё містычнае пакліканьне — ён “увергнуў” нашыя землі ў правільную
веру. І мне здаецца, што ў выпадку з Паўлічэнкам царкоўныя ўлады
ўзнагародзілі ваеннага чалавека не выпадкова. Гэтым яны падкрэсьлілі
два моманты. Момант першы: Паўлічэнка ёсьць уцаркоўленым чалавекам
— неўцаркоўленым такія ўзнагароды не даюць. Момант другі: царква
разглядае Паўлічэнку як абаронцу, як архістраціга, як Георгія Перамоганосцу,
які стаіць на варце славянскіх праваслаўных каштоўнасьцяў”.
(Скобла: ) “Пра
якія каштоўнасьці ты гаворыш? Паўлічэнка даваў каманду на зьбіцьцё
людзей, якія трымалі ў руках крыжы”.
(Пушкін: ) “Гэта
сапраўды так. І, я думаю, гэта вельмі цяжка перажываецца самім Паўлічэнкам.
Я дакладна ведаю, што яго пакінула першая жонка, ад яго адхінуліся
многія сябры. Гэта сьведчыць, што нават самыя блізкія яго не разумеюць.
Але ён выбар свой зрабіў. Ён будуе храм”.
(Скобла: ) “У
гэткім разе амаль кожны старшыня калгасу мае права на царкоўны ордэн.
Бо сёньня амаль у кожным калгасе ці новазбудаваны храм, ці адноўлены”.
(Пушкін: ) “Ну,
што тут сказаць… Паспрабую зірнуць на гэта зь іх пазыцыяў. Напэўна,
вядзецца духоўная “брань”, і ў гэтай духоўнай “брані” дзейнічаюць
воіны. У дадзеным выпадку з боку дзяржавы ёсьць воін Дзімітрый,
якому кананічна праваслаўная царква падала знак: ты – наш абаронца.
І, між іншым, гэта вельмі важна: ордэн гэты шмат ад чаго вызваляе
Паўлічэнку, пазбаўляе яго ад згрызотаў сумленьня, цяжкіх думак,
сораму”.
(Скобла: ) “Пратэставы
электарат, нават калі меркаваць паводле афіцыйных лічбаў Цэнтравыбаркаму,
у многія дзясяткі разоў перасягае колькасьць людзей, што выйшлі
на вуліцу. Чаму людзі працягваюць абурацца на кухні?”
(Пушкін: ) “Людзі
хочуць пераменаў. Беларускі народ дрэнны ў тым пляне, што лёгка
паддаецца афіцыйнай прапагандзе. Прапаганда дапамагае праявіцца
вельмі брудным рысам характару беларуса. Тым, пра якія пісаў Васіль
Быкаў у сваіх творах — і ў “Жоўтым пясочку”, і ў “Сотнікаве”. Пытаньне
маральнага выбару перад беларусамі гэтай вясной зноў паўстала. Ёсьць
дабро і зло. Дзяржава асабіста для мяне атаясамліваецца са злом.
Але ўладам сорамна за свае дзеяньні. Міліцыянтам у маёй хаце было
сорамна, яны чырванелі. Падпалкоўніку міліцыі было сорамна паказваць
фальшывыя пратаколы. Стукачу было сорамна, ён вачэй ад зямлі не
падняў. Судзьдзя сарамліва прызначыла мне штраф 31 000 рублёў, хоць
магла даць і 600 000”.
(Скобла: ) “Пра
сорам улады падумаў і я, калі ішоў на запіс сёньняшняй перадачы.
Сустрэў паблізу адміністрацыі прэзыдэнта аднаго даволі высокага
чыноўніка. У пахмурнае надвор’е ён быў у непранікальных чорных акулярах.
І вылез ён з аўто з зацемненымі вокнамі. Але ці ўладзе бывае сорамна?”
(Пушкін: ) “Яны,
тыя, хто ва ўладзе, –– жывыя людзі. Я назіраў, як паводзіў сябе
начальнік Крупскага РАУС падпалкоўнік Уладзімер Пагуда. Ён родам
з Маладэчна, ён шчыра любіць беларускую мову. Яму было сорамна,
і ён, выдаючы мне даведку, нэрваваўся, нарабіў памылак, замест слова
“справка” напісаў “спрака”. Падмаладзіў мяне на некалькі гадоў.
У яго дрыжалі рукі. Той жа маёр Макарэвіч, калі мяне арыштоўваў,
таксама чырванеў. Бо яны забіралі не злачынцу, які кагосьці з дубальтоўкі
застрэліў, а мастака. Дарэчы, я тады запісаў іхныя прозьвішчы і
перадаў жонцы. А потым узяў на рукі двухгадовага сына Міколку й
паказаў яму на міліцыянэраў: “Сыне, гэта ворагі! Яны здрадзілі Беларусі!
Адпомсьці за тату, калі яго не выпусьцяць!” Маёр стаў чырвоны, нібы
рак, і разгублена запытаўся: “Аляксандар Мікалаевіч, вы навошта
дзіця настройваеце супраць міліцыі?” А я кажу: “Хіба ж гэта няпраўда?
Вам жа сорамна! За што вы мяне арыштоўваеце?”. І ён змоўчаў”.
(Скобла: ) “І
пры канцы нашай гутаркі хачу прыгадаць адну беларускую прыказку.
Часам людзі сьмяюцца з улады, зь яе нехлямяжасьці, неадукаванасьці.
Але ж спрадвеку казалі ў народзе: чужы дурань — сьмех, а свой дурань
— грэх. У нас жа ўлада ня прышлая, не прысланая аднекуль, а — свая”.
(Пушкін: ) “Калі
я па тэлевізары назіраю за падзеямі ў Расеі ці ў Парыжы, яны мяне
як бы непасрэдна ня тычацца. А тут мне балюча. Я ня ведаю, як мне
ў сваім мястэчку Бобр далей жыць. Як дамагчыся таго, каб гэтыя людзі,
калі ім дадуць злачынны загад, прыйшлі й сказалі: “Алесь, мне загадана
цябе арыштаваць, але я сарваў пагоны й кінуў!”. Ці прычакаю я таго
часу, калі мой сусед, як яму загадаюць падпісаць пратаколы на мяне
— “тэрарыста”, катэгарычна скажа: “Я ніколі гэтага не зраблю, бо
я люблю нашага адзінага мастака”. Вось якая цяпер асноўная для мяне
праблема. А пакуль вера мне адно падказвае: “Зло дабром перамагай!”
|